Продкі, радавод, бацькі Тадэвуша Касцюшкі. Як сцвярджае гісторык Анатоль Бензярук, у гістарычных дакументах старадаўні беларускі род Касцюшкаў герба “Рох-ІІІ” упершыню згадваецца ад першай чвэрці ХV ст., з часоў Вітаўта Вялікага. Поўнае іх прозвішча гучала як Касцюшкі-Сяхновіцкія. Менавіта пад гэтым імем сям’я была вядома ў афіцыйным справаводстве Вялікага княства Літоўскага, пачынаючы з сярэдзіны XVI ст. Продкі Тадэвуша Касцюшкі на працягу цэлых дзевяці пакаленняў жылі ў Беларусі, уладарылі землямі паміж Камянцом, Брэстам і Кобрынам. Цэнтрам Касцюшкавай спадчыны здавён, яшчэ з 1509 г., выступаў невялікі маёнтак Сяхновічы (у сучасным Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці). Касцюшкаўскі радавод налічвае звыш 200 асобаў. Ля вытокаў роду паўстае Касцюшка Фёдаравіч (каля 1490 - 1561?), служэбнік вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога, ад якога ён атрымаў у валоданне Сяхновічы. Абедзьве часткі родавага прозвішча спалучалі імя заснавальніка і назву сямейнага гнязда - асновы зямельных надзелаў Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. У 1561 г. адбыўся першы значны падзел сям’і і яе ўладанняў паміж сынамі Касцюшкі – Іванам (1530? - 1571) і Фёдарам (1540? - 1622). Разам з тым, Касцюшкі назаўседы падзяліліся на дзве вялікія галіны, званыя “Іванавічамі” і “Фёдаравічамі” (у гонар іх заснавальнікаў). Прычым, старэйшая галіна паспяхова даіснавала да ХХ ст. Яе шляхецтва было пацверджана у 1852 г. Расійскім Сенатам і засведчана ў Першай кнізе дваранства Гродзенскай губерніі. А вось малодшая галіна згасла “па мячы” (з мужчынскага боку) менавіта са смерцю генерала Тадэвуша Касцюшкі. Ягоным непасрэдным продкам быў унук Фёдара Касцюшкі-Сяхновіцкага Ян Рыгоравіч (1600? - 1647/1648), пры якім Сяхновіцкі маёнтак дасягнуў свяйго росквіту. Каля 1620 г. Ян заклаў драўляную капліцу, дзе амаль 150 гадоў хавалі ягоных нашчадкаў. (У XVIII ст. капліца была перабудована Аляксандрам Янам Касцюшкам). Ніхто са шматлікіх продкаў Тадэвуша Касцюшкі не здрадзіў, не прыняў бок ворага і не паказаў яму спіну падчас бітваў. У гаспадарстве яны займалі даволі сціплыя пасады, аднак шляхецкі свой гонар заўсёды неслі высока. Сын Яна Рыгоравіча – Аляксандр Ян Касцюшка-Сяхновіцкі (1629 - каля 1711), падсудак берасцейскі, не толькі ўзмацніў сямейную спадчыну, але і першым стварыў адмысловы радавод сваёй сям’і. Ягоны сын і нашчадак Амброжый Касцюшка (1667 - каля 1722) – дзед Тадэвуша – вызначаўся надзвычай ганарлівым характарам. Аднойчы ён нават зрабіў замах на графа Людвіка Пацея, калі палічыў ягоныя словы за ўласную абразу. Разам з тым, жонка Амброжыя Барбара з роду Глеўскіх уяўляла сабою прыклад жаночай прыгажосці ды памяркоўнасці. Магчыма, некаторыя рысы свайго характару Тадэвуш Касцюшка атрымаў ад дзядулі і бабулі. Бацька Тадэвуша – Людвік Тадэвуш Касцюшка-Сяхновіцкі (каля 1700 - 1758), мечнік берасцейскі і ганаровы палкоўнік булавы польнай Вялікага княства Літоўскага, усё жыццё прысвяціў выратаванню спадчыннай гаспадаркі, якая збяднела ад частых войнаў, што наваламі каціліся па нашай зямлі. Польскі гісторык Фелікс Канечны некалі заўважыў, што “палкоўнік жыў з алоўкам у руцэ”, бо ўмеў цудоўна маляваць, добра пісаў і ўвогуле быў эстэтычна выхаваным чалавекам. Нялёгкія абставіны прымусілі яго часова перадаць Сяхновіцкі маёнтак у карыстанне дзядзьку – харунжаму Фаўстыну Бенядзікту Касцюшку (1672 - 1755). Існавала дамоўленасць: як толькі Людвік знойдзе магчымасць сабраць патрэбную сумму грошай, Сяхновічы будуць зноў яму вернутыя. А пакуль палкоўнік стаў арандатарам атрыманага ад вяльможных Сапегаў фальварка Мерачоўшчына бліз Косава. У гэты час таксама сустрэў жанчыну, якая сталася другою ягонаю палавінкаю. Маці Тадэвуша Тэкля паходзіла з вядомага у Беларусі роду Ратомскіх. Дзяцінства яе было вельмі складаным. Як падае краязнавец Глеб Цішук, Тэкля нарадзілася ў 1718 г. у Аршанскім павеце. Яе дзед у XVII ст. набыў фальварак Крычын, які размяшчаўся на левым беразе ракі Бярэзіна (цяпер Барысаўскі раён). Бацька Тэклі Фларыян Казімір Ратомскі быў пашлюблены з Брыгітай з роду Рамановічаў, якая нарадзіла дзвюх дачок і раптоўна пямерла адразу пасля з’яўлення малодшай – Тэклі. Фларыян ажаніўся другі раз з Ружай Карыбскай, пражыў з ёю 10 гадоў, моцна хварэў і памёр у сваім маёнтку Дразы, пакінуўшы на выхаванне Ружы сваіх дачушак: адзінаццацігадовую Барбару і дзесяцігадовую Тэклю. Праз паўгода пасля смерці мужа мачыха ў 1729 г. выйшла замуж за дразаўскага эканома Андрэя Рыхліцкага. Апекуны непаўналетніх сіротак, прызначаныя Галоўным Трыбуналам ВКЛ, паведамлялі аб цяжкім і пакутлівым жыцці дзяўчынак, у прыватнасці, што мачыха частку спадчыннай маёмасці Барбары і Тэклі распрадала, частку вывезла да маёнтка свайго бацькі, ніякага выхавання і адукацыі дзяўчынкам не давала. У рэшце рэшт, сіроткі пакінулі Ружу і яе новага мужа. Спачатку іх прытуліў родны дзядзька Бенядзікт Ратомскі, а пасля яго смерці – цётка Тэрэза Ратомская, у якой яны выхоўваліся, пакуль не выйшлі замуж. Прыкладна ў сярэдзіне 1739 г. ці напачатку 1740 г. Людвік Касцюшка, як яго жартаўліва называлі тады, “стары халасцяк”, ажаніўся з Тэкляй. Жылі яны пастаянна ў згодзе і павазе. Людвік яшчэ да свайго шлюбу выйграў у князя Сапегі судовую справу, якая тычылася фальварка Мерачоўшчына, дзе і пасяліўся ў 1730 г. Сюды пазней ён прывёз сваю маладую жонку. У сям’і Людвіка і Тэклі Касцюшкаў нарадзілася чацвёра дзяцей: Ганна (1741 – 1814), Юзаф (1743 -1789), Кацярына (1744 – 1791) і малодшы – Тадэвуш. Бацькі Тадэвуша не стала, калі хлопчыку было ўсяго 12 гадоў. Раптоўна смерць бацькі ў красавіку 1758 г. пакінула глыбокі след у ягонай душы. Адпявалі Людвіка Касцюшку ксяндзы кляштара кармелітаў з Крупчыц, кляштара бернардзінцаў са Слоніма, уніяцкія святары са Здзітава і Вежак, а таксама прадстаўнікі праваслаўнага брацтва з Кобрына. Як падае Тадэвуш Корзан, усё наваколле да Брэста пры пахаванні Людвіка Касцюшкі было напоўнена развітальным гучаннем званоў хрысціянскіх храмаў. Астанкі яго знайшлі свой апошні супакой у родавай Сяхновіцкай капліцы, побач з пахаваннямі іншых Касцюшкаў.
2022 г. аб'яўлены ў Рэспубліцы Беларусь Годам гістарычнай памяці.