Дзяцінства і пачатак вучобы

Пра ранняе дзяцінства Тадэвуша Касцюшкі вядома вельмі мала. Можна дапусціць, што бацькі трымалі дзяцей у строгасці. Маці была даволі энергічнай жанчынай, падчас суровай, але справядлівай.
У 1755 г. дзевяцігадовы Тадэвуш разам са старэйшым братам Юзафам быў адпраўлены на вучобу ў школу айцоў-піяраў, што размяшчалася ў мястэчку Любяшоў непадалёку ад Пінска (цяпер Валынская вобласць Украіны).
Галоўным кіраўніком піярскіх школ у Рэчы Паспалітай быў прагрэсіўны духоўны дзеяч Станіслаў Канарскі. Рэфармаваны пры ім у духу эпохі Асветніцтва Любяшоўскі калегіум, акрамя абавязковай латыні, даваў магчымасць сваім выхаванцам вывучаць родную мову, матэматыку, пыродазнаўчыя навукі, гісторыю, рыторыку, граматыку.
Вучоба ў Любяшове давалася Тадэвушу напачатку нялёгка, хоць быў ён хлопчыкам старанным і паслухмяным.
Раптоўная смерць бацькі паставіла сям'ю Касцюшкі ў вельмі складанае становішча, але маці не дазволіла сынам кінуць вучобу, і яны яшчэ два гады вучыліся ў Любяшове, затым вярнуліся і пачалі дапамагаць маці весці гаспадарку ў Сяхновічах, якія ўжо пасля смерці мужа энергічная Тэкля змагла выкупіць ў сваякоў.

 

Касцюшка у Варшаўскім корпусе кадэтаў.
Вучоба ў Францыі

У 1764 годзе па волі караля РП уражэнца вёскі Воўчын на Берасцейшчыне Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве была заснавана Рыцарская школа (Кадэцкі корпус). Тады гэта была адзіная у ВКЛ і Польшчы афіцэрская школа. Першы яе набор складаў 141 чалавек.
Паступіць Тадэвушу дапамог яго заможны апякун польны пісар ВКЛ, будучы ваявода смаленскі і полацкі Юзаф Сасноўскі, 18 снежня 1764 г.
У гады навучання Касцюшкі кадэты падзяляліся на брыгады па дваццаць чалавек на чале з брыгадзірамі. Кароль Станіслаў Аўгуст (як шэф корпуса) быў пастаянным госцем кадэтаў. На ваенныя парады і агляды ён заўсёды апранаў мундзір корпуса. Камендантам, стваральнікам і апекуном гэтай ваеннай вучэльні з'яўляўся князь Адам Чартарыйскі. Корпус быў не толькі вайсковай установай, але і сапраўднай школай патрыятызму.
За часы існавання Рыцарскай школы яе сцены пакінулі каля тысячы падрыхтаваных афіцэраў. Князь Чартарыйскі настойліва патрабаваў ад выкладчыкаў, каб галоўны акцэнт рабіўся не толькі на ваенным мастацтве, але і на выхаванні патрыятычных пачуццяў і цвёрдага характару, волі і паслухмянасці.
Адзін са шляхоў абнаўлення гаспадарства ён бачыў у падрыхтоўцы ваенных кадраў, адукаваных і дасведчаных маладых людзей, якія ў будучым змогуць забяспечыць незалежнасць і росквіт краіны.
Прыкладна ў той час у корпусе вучыліся князі Казімір Сапега, Антоній Радзівіл, Мацей Ябланоўскі, магнаты і шляхціцы Валовіч, Чацвярцінскі, якія пазней змагаліся пад штандарамі Касцюшкі ды Дамброўскага.
Аднакурснікі па Кадэцкаму корпусу, надалі Касцюшку мянушку "Швед", таму што ў ягоных паводзінах знаходзілі шмат агульнага з характарам Карла 12.

 

Вяртанне дамоў. Сасновіцкая драма
Адной з галоўных прычын, што прымусіла Касцюшку перапыніць вучобу ў Парыжы, з'яўляліся фінансавыя цяжкасці.
Але і на радзіме, куды ён вярнуўся ў канцы 1774 г., яго чакалі складанасці і перажыванні.
Нягледзячы на даўняе знаёмства з каралем і Адамам Чартарыйскім, пасады Касцюшку ў корпусе кадэтаў не знайшлося, у войску таксама адсутнічалі афіцэрскія вакансіі па прычыне скарачэння арміі, якое праводзілася паводле дамовы аб падзеле Рэчы Паспалітай.
З Варшавы Касцюшка паспяшыў да роднага гнязда ў Малыя Сяхновічы, дзе гаспадарыў яго брат Юзаф, а па суседству жылі сёстры: Ганна пашлюбленная з Пятром Эсткам, ды Кацярына, якая была замужам за каралем Жулкоўскім.
У Сяхновічах Касцюшку апанаваў яшчэ большы смутак. Брат Юзаф давёў маёнтак да ўпадку, шмат завінаваціўся. Таму Тадэвушу прышлося жыць за кошт дапамогі сястры Ганны Эсткі, іншых блізкіх родзічаў і знаёмых, у тым ліку свайго апекуна дзяцькі Яна Непамуцэна Касцюшкі са Слаўніка пад Люблінам. Адтуль ён наведаўся да Юзафа Сасноўскага, ваяводы смаленскага, з 1775 г. гетмана польнага Вялікага княства Літоўскага, гаспадара маёнтка ў Сасновіцах пад Люблінам, размешчанага на ўзбярэжжы маляўнічай рэчкі Півоніі.
Касцюшка быў запрошаны хатнім настаўнікам дачок ваяводы Сасноўскага Людвікі і Кацярыны. Між 29-гадовым Тадэвушам і амаль ягонай равесніцай Людвікай усталяваліся цёплыя ўзаемаадносіны. Малады чалавек быў не толькі частым госцем у сям'і Сасноўскіх, але пэўны час пражываў у Сасновіцкім маёнтку.
Касцюшку прыемна ўразілі чуласць і прыгажосць паненкі. Сасновіцы адразу сталі для Тадэвуша чароўным кутком, напоўненым надзеямі, верай у шчаслівую будучыню. Гетман Сасноўскі, запрасіўшы Касцюшку да сябе ў маёнтак, клапаціўся аб выхаванні сваіх дачок.
Сасновіцы на той час знаходзіліся ў поўным запусценні, пад'язныя дарогі былі ў дрэнным стане, навокал – пяскі ды балоты. Касцюшка праводзіў заняткі часцей з Людвікай. У вольны час пачаў займацца добраўпарадкаваннем і рэканструкцыяй старадаўняга Сасновіцкага парку і, як падае Юльян Барташэвіч, быў у гэтым паслядоўнікам вялікага польскага творцы паркаў Надзіра, ператварыўшы занядбаны парк у адноўлены гожы куток. Усе работы выконваліся па распрацаванаму Касцюшкам праекту.
Асабліва прыгожа стала выглядаць цэнтральная алея, якая па тэрасах да ракі Півонія была абсаджана фармаванымі шпалерамі з ляшчыны. Пад асабістую апеку Касцюшка ўзяў старыя дубы, загадаўшы ачысціць іх ад сухіх галін, а маладыя дрэвы вызваліць ад буралому. Заклаў новыя сцежкі, алеі, абсадзіў прагулачныя дарожкі ў парку таполямі, клёнамі, ліпамі і бярозамі. Запраектаваў модную ў XVIII ст. зялёную альтанку, якая праз некалькі месяцаў, увітая дзікімі вінаградамі і плюшчамі, стала жаданым месцам пяшчотным спатканняў закаханых.
У аднаўленні паркавага ансамбля з вялікай ахвотай брала ўдзел і Людвіка. Менавіта яна, як піша Зыгмунд Баркевіч, сваімі чорнымі вачыма, аксамітнымі вуснамі, сентыментальнай багатай душой не толькі зачаравала маладога кавалера, але і прыдала яму натхненне ў рэалізацыі праекта. Люцыян Сяменскі падкрэсліваў, што Касцюшка меў высокае пачуццё таварыскасці, а сваімі аповедамі мог данесці да Людвікі весткі пра цуды падарожжаў, прыгажосць тых краёў, дзе ён у свой час вучыўся і вандраваў. Маладзён, выхаваны ў лепшых традзіцыях французскай культуры, не мог не растрывожыць сэрцы цётак, кузін, чэлядзі і нават самой пані Сасноўскай.
У рэшце рэшт, Касцюшка адважыўся прызнацца сваёй выбранніцы ў шчырым да яе каханні. Яна адказала яму ўзаемнасцю. Узрушаны і шчаслівы Касцюшка папрасіў рукі Людвікі ў гетмана Сасноўскага. Ён амаль не сумняваўся, што даўні сябра іх сям'і і ягоны апякун дасць згоду на шлюб. Але ў гэты час адбыліся некаторыя падзеі, якія паўплывалі на гэтую справу.
Аднойчы Юзаф Сасноўскі выйграў у карты ў ваяводы кіеўскага князя Станіслава Любамірскага некалькі маёнткаў на Падоллі.
У выніку працяглага торгу Любамірскаму ўдалося ўгаварыць Сасноўскага на тое, што яго малодшы сын князь Юзаф Любамірскі ажэніцца з Людвікай Сасноўскай, а тая прынясе ў дом Любамірскіх, акрамя пасагу, яшчэ і маёнткі, прайграныя будучым свёкрам у карты.
Здзелка адбылася, а Касцюшка атрымаў адмову.
Цяжкія ўдары лёсу прымусілі Касцюшку прыняць рашэнне аб выездзе за мяжу, у Амерыку.

РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ

Служба Касцюшкі ў Паспалітым войску

Атрымаўшы патэнт на званне генерал-маёра і загад вайсковай камісіі ўзначаліць вайсковыя аддзелы, Касцюшка на працягу месяца ўладкаваў у Малых Сяхновічах гаспадарчыя справы, развітаўся з блізкімі яму людзьмі і назаўсёды пакінуў роднае гняздо.
Касцюшка ў Бжэсці-Кіяўскім 26 лютага 1790 г. прынёс прысягу войску Кароны (Польшчы). На працягу красавіка генерал-маёр інспектаваў падуладныя яму палкі і аддзелы.
Дысцыпліну пан Тадэвуш увёў суровую. Рыхтаваў салдат да вайны, увёў амерыканскі метад рассыпнога строю, вучыў байцоў акопвацца, станавіцца ў карэ.
25 мая 1790 г. Касцюшка выехаў з Влацлаўка да Варшавы, дзе атрымаў новае заданне: бараніць граніцы дзяржавы паміж Бугам і Віслай, паколькі ўзнікла пагроза вайны з Аўстрыяй.
14 жніўня 1790 г. Вайсковая камісія загадала выслаць на Валынь аддзелы, што ўваходзілі ў склад малапольскай дывізіі, якая знаходзілася пад началам Тадэвуша Касцюшкі і Мікалая Чапскага. У канцы жніўня Касцюшка прывёў з сабою ў Стары Канстанцінаў 8 эскадронаў кавалерыі і тры батальёны пяхоты, узмоцненыя тузінам 6-фунтовых гармат. Далей маршам ён прыбыў у Люблін, дзе дачакаўся з Варшавы гармат, і 7 верасня рушыў у напрамку Дубенкі. У лютым 1791 г. М.Чапскі адбыў на адпачынак, а Касцюшку была перададзена кіраўніцтва і над ягонымі аддзеламі.
На падзеі ў Рэчы Паспалітай прыкметна паўплывала Вялікая Французская рэвалюцыя, якая пачалася 14 ліпеня 1789 г. У Польшчы і ВКЛ актывізавалася дзейнасць дробнай гарадской буржуазіі і інтэлігенцыі, пачалі ўзнікаць палітычныя арганізацыі. Сейм прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады. Але гэтыя законы сталі пачаткам буржуазных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Вяршыняй законатворчасці зрабілася Канстытуцыя, прынятая 3 мая 1791 г. і сустрэтая народам з велізарным уздымам. У адпаведнасці з палажэннямі Асноўнага закона ўсталёўваліся новыя прынцыпы арганізацыі найвышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання, прадугледжваўся прынцып падзелу ўлад. Каталіцкая царква заставалася пануючай, але адначасова абвяшчалася і свабода іншых рэлігійных канфесій. Гарантаваліся правы і прывілеі шляхты ды заможных мяшчан, захоўвалася залежнасць сялян ад памешчыкаў, але абвяшчалася апека права і ўрада над сялянамі.
Рэч Паспалітая рабілася канстытуцыйнай манархіяй. Каралеўская ўлада была абмежавана сеймам, якому належала заканадаўчая ўлада. Новы парламент складаўся з палаты дэпутатаў і сената, дзе засядалі прадстаўнікі вышэйшага духавенства, ваяводы, кашталяны і некаторыя вышэйшыя службовыя асобы.
Згодна з пастановай сейма 1790 г. у склад сената быў уведзены ўніяцкі мітрапаліт Растоцкі. Гэта адбылося ўпершыню з моманту прыняцця Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г.
Але самымі істотнымі новаўвядзеннямі сталі адмена "ліберум вета" і стварэнне агульнага ўрада для ўсёй Рэчы Паспалітай. Урад называўся "Вартавым правоў" і складаўся з караля, кіраўніка каталіцкага духавенства і пяці міністраў (іх прызначаў і здымаў кароль). Прадугледжвалася стварэнне судоў незалежных ад адміністрацый, і выданне новых грамадзянскага і крымінальнага кодэксаў.
Тадэвуш Касцюшка без ваганняў склаў 10 мая 1791 г. прысягу на вернаць Канстытуцыі і Радзіме, а таксама распарадзіўся аб яе прыняцці падначаленымі яму афіцэрамі і салдатамі.
Чатырохгадовы сейм працягваў сваю дзейнасць, і 29 чэрвеня 1791 г. былі створаны дэпутацкія камісіі, якія рыхтавалі праект прававой рэформы. Гюго Калантай прапанаваў у аснову новага заканадаўства пакласці Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г., яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе.
Асноўнай ідэяй Статута заставалася зацвярджэнне прававога парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы абавязаны былі дзейнічаць толькі ў адпаведнасці з правам. Касцюшка з дзяцінства захоўваў павагу да гэтай цудоўнай крыніцы чалавечага розуму, створанай на беларускай зямлі.

Магнацкая здрада

Канстытуцыя 3 мая 1791 г. расчыніла дзверы для нацыянальнага адраджэння Рэчы Паспалітай і адначасова абмежавала самавольства магнатаў.
У 1792 г. ускладнілася міжнароднае становішча Рэчы Паспалітай. Прускі ўрад пайшоў на змову з царызмам і прапанаваў новы падзел федэратыўнай дзяржавы.
У пачатку 1792 г. актывізавалася рэакцыйная дзейнасць часткі магнатаў і вярхоў каталіцкага духавенства супраць прагрэсіўных законаў, прынятых у 1791 г. Пры заступніцтве Кацярыны ІІ яны арганізавалі змову, якая атрымала назву Таргавіцкай канфедэрацыі.
Патоцкі і Жавускі выехалі ў Санкт-Пецярбург з даручэннем угаварыць расійскую імператрыцу ўвесці свае войскі ў Польшчу. Правадыры старашляхецкай партыі 27 красавіка 1792 г. падпісалі ў Санкт-Пецярбургу акт канфедэрацыі. Рукі Расіі былі развязаны. На знясіленую ўнутранымі сваркамі Рэч Паспалітую насоўвалася катастрофа. Шэрах польскіх магнатаў самі штурхалі сваю краіну ў пастку інтэрвенцыі.
Каб надаць акту канфедэрацыі фармальную легітымнасць, 14 мая 1792 г. акт быў фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна). У ВКЛ Генеральная канфедэрацыя (Генеральнасць) была абвешчана 14 чэрвеня 1792 г. Канфедэрацыю падтрымалі каля 40 тысяч шляхціцаў княства. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ пагадзілася злучыцца з Генеральнай кароннай канфедэрацыяй пры ўмовах захавання ранейшага саюза з Польшчай, самастойнага суда і правядзення сейму ў Гродне.
Акт Таргавіцкай канфедэрацыі пастанавіў лічыць расійскія акупацыйныя сілы сяброўскімі, цалкам скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сейма (у тым ліку Канстытуцыю 3 мая 1791 г.), заклікаў шляхту злучыцца для абароны старасвецкіх парадкаў і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. Актам захоўваліся ранейшыя прывілеі і вольнасці шляхты.
Паводле ўказа Кацярыны ІІ, падпісанага 25 чэрвеня 1792 г., у паветах ствараліся канфедэрацкія суды. На працягу двух тыдняў усе жыхары Рэчы Паспалітай павінны былі прысягнуць канфедэрацыі на вернасць. Былі забаронены секвестр шляхецкіх уладанняў, уведзены цэнзура і пашпартная сістэма, пазбаўлены пасад і права голасу шляхціцы, якія запісаліся ў "падазроныя клубы".
Неўзабаве Прусія ўвяла на тэрыторыю Рэчы Паспалітай свае войскі, а Расія абвясціла аб падрыхтоўцы другога падзелу РП. У сувязі з гэтым 10 сакавіка 1793 г. расійскі пасол генерал Я.Я.Сіверс надзяліў павятовых маршалкаў правамі ваявод і дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гродзенскім сейме 1793 г., а 27 мая па яго распараджэнні былі зачынены канфедэрацкія суды і адноўлены земскія. Ухваленнем на сейме акта другога падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Таргавіцкая канфедэрацыя канчаткова скампраметавала сябе і 15 верасня 1793 г. была распушчана.
Усе гэтыя падзеі адбыліся па прычыне агрэсіўных дзеянняў супраць Рэчы Паспалітай і перамог, якія Расійская імперыя атрымала ў вайне 1792 г.

Пачатак вайны Расійскай імперыі
супраць Рэчы Паспалітай

Расійскі ўрад праз свайго пасла ў Варшаве 18 мая 1792 г. перадаў падканцлеру Рэчы Паспалітай, што Расія, занепакоенная ўнутранай сітуацыяй у Польшчы, вымушана распачаць ваенныя дзеянні. Пачалася непрацяглая, але крывавая вайна. 18 мая войскі корпуса Леванідава ўварваліся ў мяжы Рэчы Паспалітай.
Пад мястэчкам Барушкаўцы расійскія казакі Арлова і кавалерысты Тармасава ўшчэнт разбілі польскі табар, прыціснулі палякаў да ракі. Націск быў такі вялікі, што паспалітае войска страціла 7 гармат і каля 300 чалавек забітымі. Тыя, што засталіся ў жывых, кінуліся ўцякаць уплаў праз раку.
Пасля першых сутычак войска Ю.Панятоўскага выйшла да Шапятоўкі. Расійскі генерал Кахоўскі даручыў Маркаву загарадзіць дарогу палякам каля Зелянцоў. У расіян было каля 10 тысяч чалавек, у палякаў - 4 тысячы. Генерал Заёнчык праз кур'ера папрасіў дапамогі ў князя Ю.Панятоўскага, які паспяшаўся з-пад Шапятоўкі і прыбыў да Зелянцоў.
Панятоўскі вытрымаў атакі расіян, адвёў свае войскі з поля бою і накіраваўся да мястэчка Заслаўе.
Касцюшка не браў непасрэднага ўдзелу ў бітве пад Зелянцамі. Ён ратаваў тыл войска Панятоўскага. Пад кулямі і гарматным агнём Касцюшка загадаў сваім войнам залегчы. Праз дзве гадзіны, не маючы магчымасці адбіць у расіян цясніну, Тадэвуш адвёў свае батальёны ў кірунку да Заслаўя.
Бітва пад Зелянцамі не стала пераможнай для палякаў, тым не меньш слава і аўтарытэт Ю.Панятоўскага ўзвысіліся ў вачах каралеўскага двара. З нагоды бітвы пад Зелянцамі кароль устанавіў ордэн "Віртуці Мілітары" і даслаў 22 чэрвеня 20 залатых і 40 сярэбраных ордэнаў у абоз Ю.Панятоўскага. Адным з першых атрымаў гэтую ўзнагароду – Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка.

Бітва пад Дубенкай

Адна з першых бітваў, у якой асабліва вызначалася дывізія пад камандаваннем Касцюшкі, адбылася 18 ліпеня 1792 г. пад мястэчкам Дубенкай.
На той час пад непасрэдным кіраўніцтвам Касцюшкі меліся каля 6 тысяч чалавек, а ў расіян – 18 тысяч жывой сілы і 60 гармат. Адчуваўся недахоп жывой сілы, не хапала часу для ўмацавання пазіцый, але Касцюшка палічыў, што пры спрыяльным заходзе бітвы пад Дубенкай можа наступіць пераломны момант у гэтай цяжкай вайне. Калі Касцюшка ўпэўніўся, што мае справу з галоўнымі сіламі непрыяцеля, ён паспрабаваў схіліць Юзафа Панятоўскага сабраць ля Дубенкі больш войскаў. Але князь не адважыўся на гэта і адступіў. Касцюшка застаўся фактычна без падтрымкі.
Бой пачаўся а 16-ай гадзіне 18 ліпеня 1792 г. На пазіцыі Касцюшкі паляцелі сотні снарадаў. Услед за гарматным агнём расіяне пайшлі ў наступленне пяхотай.
Добра арганізаваныя ўмацаванні дазволілі не толькі паспяхова адбіваць атакі праціўніка, але і дапамаглі нанесці ворагу сур'ёзны урон.
Генерал Кахоўскі нерваваўся, ён уводзіў у бой усё новыя свежыя сілы, аднак абарону Касцюшкі зламаць не ўдавалася.
Аднак лёс бою пад Дубенкай усё ж быў прадвызначаны загадзя. Без дапамогі іншых дывізій арміі Панятоўскага нельга было доўга ўтрымліваць нават умацаваныя пазіцыі. Прыцемкам дывізія Т.Касцюшкі пачала адступаць. Ужо палеглі каля 900 чалавек. Увесь час салдаты біліся нястомна.
Царская армія панесла настолькі вялікія страты (каля 2 тысяч палеглымі і раненымі), што, захапіўшы пакінутыя Касцюшкам пазіцыі, была часова няздольнай да далейшых баявых дзеянняў.
Бой пад Дубенкай з'явіўся тактычным поспехам яго дывізіі. Наступленне галоўных сіл непрыяцеля было прыпынена. Яшчэ большае значэнне мела гэтая бітва ў маральным плане. Калі пад Зелянцамі армія Панятоўскага мела некаторую перавагу над адной з калон непрыяцеля, то пад Дубенкай галоўным сілам ворага аказвала супраціўленне толькі дывізія Касцюшкі.
Менавіта гэта падзея зрабіла ягонае імя вядомым і праслаўленым ва ўсім паспалітым грамадстве.

Высокія званні і адстаўка.

Пасля бітвы пад Дубенкай князь Юзаф Панятоўскі павёў сваю армію па Пулавы.
Але пад Люблінам армію дагнала непрыемная вестка: кароль прускі, на дапамогу якога разлічвала Рэч Паспалітая, раптоўна скасаваў дамову аб дружбе пад цынічнай падставай, што Канстытуцыя 3 мая была прынята без яго ведама.
Неўзабаве прыйшло новае, яшчэ больш непрыемнае паведамленне: кароль Станіслаў Аўгуст стаў здраднікам сваёй краіны. Ён вырашыў далучыцца да таргавічан, бо наіўна разлічваў такім чынам пакласці канец інтэрвенцыі і выратаваць Рэч Паспалітую ад поўнай страты незалежнасці. Асабліва моцна перажывалі гэтую вестку Юзаф Панятоўскі і Тадэвуш Касцюшка.
Юзаф Панятоўскі падаў у адстаўку. Яго падтрымалі многія афіцэры, у тым ліку Касцюшка, які 30 ліпеня 1792 г. пісаў каралю, што перамена абставін у краіне пярэчыць словам яго прысягі і ўнутранай упэўненасці, таму ён просіць караля падпісаць яго прашэнне.
17 жніўня 1792 г. у Варшаву ўвайшлі войскі расійскага генерала Кахоўскага і таргавіцкіх змоўшчыкаў. Расія і Прусія здзейснілі новы падзел Рэчы Паспалітай.
Т.Касцюшка, атрымаўшы адстаўку, накіраваўся ў эміграцыю. У Лейпцыгу і Дрэздэне быў створаны цэнтр польскай эміграцыі. З канца 1792 г. ён знаходзіўся ў Лейпцыгу. Імя генерала пасля Зелянцоў і Дубенкі набыло шырокую вядомасць не толькі ў Польшчы, але і за мяжой, найперш у рэвалюцыйнай Францыі.
Заканадаўчая асамблея 26 жніўня надала Касцюшку званне ганаровага грамадзяніна Францыі за Дубенку і яго ўдзел у паўночнаамерыканскай рэвалюцыі. Т.Касцюшка апынуўся ў адным спісе з выдатнымі дзеячамі, адзначанымі французамі за заслугі ў барацьбе за свабоду народаў.

МЯСЦІНЫ, ЗВЯЗАНЫЯ З ЖЫЦЦЁМ ГЕНЕРАЛА

Мерачоўшчына

Найбольш верагоднае месца нараджэння Т.Касцюшкі. Фальварак Мерачоўшчына размяшчаецца на ўскрайку Косава (Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

Малыя Сяхновічы

Малыя Сяхновічы – радавое гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Пажар, які адбыўся ў Малых Сяхновічах напрыканцы ХVІІІ ст., знішчыў жылы дом і капліцу.
Двор атачаў даволі вялікі парк, частка якога захавалася да нашых дзён. Агульная плошча захаванага парка разам з ся-лянскімі дамамі, пабудаванымі на гэтым месцы значна пазней, складае 8 га. Існуюць ліпавая алея працягласцю 350 м, бярозавы гай, растуць клёны, дубы, каштаны, а таксама экзатычныя расліны. Сяхновіцкі парк мае мемарыяльнае значэнне, узяты пад ахову дзяржавай. Плануецца яго аднаўленне. Захаваўся і адзіны гістарычны аб'ект тых часоў – будынак сыраварні з глыбокімі мураванымі скляпеннямі.

Любяшоў
У 1755г. сыны Людвіка Касцюшкі-Сяхновіцкага былі накіраваны ў школу піяраў, што існавала тады ў мястэчку Любяшоў. Мястэчка мела таксама назву Новы Дольск і размяшчалася ў Пінскім павеце Брэсцкага ваяводства, на рацэ Струмень (альбо Стаход), пры гасцінцы, які вёў з Пінска на Валынь – да Роўна і Луцка. Да нашага часу ў мястэчку захаваўся будынак, у якім пяць гадоў вучыўся Т.Касцюшка. У будынку ёсць музейны пакой, а на яго цэнтральным фасадзе ўсталявана памятная дошка ў гонар знакамітага навучэнца.
Варшава

Рыцарская школа (Кадэцкі корпус). У 1765–1769 гг. Т.Касцюшка вучыўся ў Кадэцкім корпусе ў Варшаве, які меў самую багатую гісторыю з усіх вайсковых школ Польшчы і ВКЛ. Афіцыйная назва школы – Шляхецкая акадэмія корпуса кадэтаў Яго Вялікасці караля Рэчы Паспалітай (Рыцарская школа). Камендантам стаў А.К.Чартарыйскі. У 1768 г. корпус налічваў 176 чалавек.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Кадэцкі корпус у Варшаве перастаў існаваць.

Парыж

Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры. Восенню 1769 г. Т.Касцюшка з сябрам прыбылі ў Парыж і паступілі на вучобу ў Каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры.
Каралеўская акадэмія была створана ў 1648 г. Гэта быў перыяд умацавання абсалютызму і існавання неабмежаванай каралеўскай улады ў Францыі. Перад мастацтвам была пастаўлена задача ўзвышэння асобы і ўлады манарха. Першым рэктарам акадэміі з'яўляўся Шарль Лябрэн (1619 – 1690), тэленавіты французскі жывапісец, дэкаратар і рысавальшчык, стваральнік афіцыйнага прыдворнага стылю Людовіка ХІV.
Акадэмія адыграла станоўчую ролю ў развіцці французскага мастацтва. Менавіта тут Т.Касцюшка зразумеў, што мастацтва шматгранна, як адшліфаваны дыямент. Таму, каб стаць добрым мастаком, патрэбна навучыцца бачыць усе гэтыя грані. Тадэвуш шмат працаваў у французскіх бібліятэках. Ён уставаў на світанку і ўпарта спасцігаў навуку вялікага мастацтва.

Сасновіцы

Пасля вяртання з Парыжа (у другой палове 1774 г.) падчас візіту да свайго апекуна Юзафа Сасноўскага атрымаў ад яго запрашэнне стаць хатнім настаўнікам у Сасновіцах.
Маёнтак размяшчаўся ў маляўнічай мясцовасці па-над ракой Півоніяй, каля аднайменнага мястэчка ў Владаўскім павеце.
Мястэчка і маёнтак вядомы з ХVІІ ст. як радавое гняздо паноў Сасноўскіх. Палац Сасноўскіх перабудоўваўся некалькі разоў і цяпер мае выгляд двухпавярховай мураванай сядзібы з назвай "Дом Касцюшкі".

Філадэльфія

У верасні – кастрычніку 1776 г. Т.Касцюшка прыступіў да выканання свайго першага задання, якое тычылася ўмацавання вусця ракі Дэвалар каля Філадэльфіі. 18 кастрычніка Касцюшка атрымаў патэнт на званне інжынера ў чыне палкоўніка амерыканскай арміі і працягваў будаўнічыя работы па ўмацаванні тагачаснай сталіцы Злучаных Штатаў.
Філадэльфія – галоўны цэнтр вызваленчай вайны ў Паўночнай Амерыцы. У Філадэльфіі былі прыняты Дэкларацыя незалежнасці, а затым Канстытуцыя ЗША. У 1790 – 1800 гг. горад з'яўляўся часовай сталіцай Злучаных Штатаў Амерыкі.
Падчас другога прыезду ў ЗША Т.Касцюшка разам з Ю.Нямцэвічам пражываў у адным з дамоў у Філадэльфіі. У 1970-х гг. дом і пакой на 2-м паверсе, дзе прыпыняўся Касцюшка, былі адрэстаўраваны, а ў будынку створаны музей. Адначасова адноўлена былая кавярня, дзе любіў бавіць час генерал. Інтэр'ер яе выкананы ў стылі Касцюшкаўскага перыяду.

Цікандэрога

Пасля выканання сістэмы ўмацаванняў Філадэльфіі Касцюшка быў накіраваны на падрыхтоўку абароны ў мясцовасць, якая мела назву Цікандэрога. Касцюшка прапанаваў дадатковыя збудаванні крэпасці і ўмацаванне размешчанага побач пласкагор'я Цукровая Галава. Прапановы інжынера не былі падтрыманы. Вынікам гэтага праліку з'явіліся страта фартэцыі і адступленне амерыканскага войска.
Сённяшняя Цікандэрога – курортнае месца і аб'ект турызму. Напамінам аб мінулым з'яўляюцца адноўленыя два форты, у якіх размешчаны музей гісторыі Эсекскага графства.

Саратога-Спрынс

У жніўні – верасні 1777 г. Т.Касцюшка (паводле загаду генерала Гейтса) умацоўваў пласкагор'е каля Саратогі, каб затрымаць англійскую армію генерала Джона Бургойна. На той час Саратога прадстаўляў сабою невялікі населены пункт, размешчаны на ўсходзе штата Нью-Йорк.
17 кастрычніка 1777 г. войскі пад камандаваннем Г.Гейтса (каля 20 тысяч чалавек) акружылі і прымусілі да капітуляцыі англійскія войскі. Перамога пад Саратогай была не ў малой ступені забяспечаная дзеяннямі палкоўніка Касцюшкі. Ва ўшанаванне ягоных заслуг (паводле хадатайніцтва польскай дыяспары ў Амерыцы) на былым полі бітвы пад Саратогай у 1936 г. быў уведзены манументальны помнік нашаму земляку.

Уэст-Пойнт

Цяпер Уэст-Пойнт уяўляе сабою ваенны гарадок, дзе размешчана самая старадаўняя ды папулярная Ваенная акадэмія ЗША, у якой займаюцца каля 4 тысяч кадэтаў.
5 сакавіка 1778 г. Т.Касцюшка быў накіраваны на ўмацаванне ракі Гудзон у 80 км на поўнач ад Нью-Йорка. На працягу сакавіка 1778 – ліпеня 1779 г. у якасці ваеннага інжынера Касцюшка будаваў тут крэпасць. Генерал Вашынгтон, камандуючы амерыканскімі войскамі, высока ацаніў клопаты Тадэвуша па ўвядзенні грандыёзнага фартыфікацыйнага збудавання. Для прадухілення праходу брытанскіх караблёў праз Гудзон да вострава Канстытуцыі Касцюшка загадаў працягнуць масіўны жалезны ланцуг.
У 1824 г. на месцы бастыёна, пабудаванага некалі Касцюшкам, была ўведзена мемарыяльная калона ў яго гонар, пазней на калоне ўстаноўлена бронзавая постаць нашага земляка ў форме амерыканскага генерала. Плошча вакол помніка ператворана ў мемарыяльнае месца, дзе праходзяць урачыстыя мерапрыемствы акадэміі. Побач з помнікам размешчаны яшчэ адзін мемарыяльны аб'ект – пірамідка з камянёў крэпасці Уэст-Пойнт, акружаная рэшткамі былога масіўнага ланцуга, што перакрываў некалі раку Гудзон.
Пасля Другой сусветнай вайны ў ваенным гарадку быў пабудаваны і адкрыты музейны цэнтр акадэміі, дзе існуе куток, прысвечаны славутаму берасцейцу.

Чарлстан

У 1779 г., Касцюшка быў пераведзены ў Паўднёвую армію генерала Гейтса. Пасля прыбыцця на месца службы Касцюшка прыняў удзел у вайсковым савеце паўднёвай арміі. Пачаў даследаваць пойму ракі Катаўба ў Паўночнай Караліне. Наступным заданнем Касцюшкі стала будаўніцтва пласкадонных лодак, якія маглі б забяспечыць хуткае перасоўванне войск праз раку.
У лютым 1781 г. ваенны інжынер умацоўвае апорны пункт, а ў сакавіку – красавіку бярэ ўдзел у асадзе форта Найнці Сікс, затым плануе і праводзіць асадныя работы вакол форта, стварае ваенныя арсеналы, рыхтуе новае месца дыслакацыі, арганізоўвае абарончыя ўмацаванні пад Чарлстанам.
У сярэдзіне ХХ ст. у цэнтры горада быў узведзены помнік нашаму земляку. Гэта было зроблена ў памяць аб заслугах, праяўленых Т.Касцюшкам у арганізацыі вызвалення Чарлстана ад Англійскіх войскаў.

Мяджыбаж

Размечшана яно на Падоллі (Заходняя Украіна), пры ўпадзенні Бужка ў Буг (адсюль узнікла і назва). У верасні 1790 г. – маі 1791 г.
Мястэчка вядома з сярэдзіны ХІІ ст., калі было ўласнасцю галіцкага князя Данііла Раманавіча. Затым уладарылі нашчадкі князёў Любарата і Карыята, а з ХVІ ст. – князі Сіняўскія.
Падчас княжання галіцкіх князёў (ХІІІ ст.) у Мяджыбажы быў уведзены замак з драўлянымі сценамі, знішчаны ў 1240 г. Батыем. Адноўлены ў ХІV ст. Карыятавічамі і ператвораны ў магутную фартэцыю князем Мікалаем Сіняўскім (1489 – 1569).
У 1731 г. Мяджыбаж перайшоў ва ўласнасць князёў Чартарыйскіх, асноўная рэзідэнцыя якіх размяшчалася ў Пулавах. На працягу чатырох стагодзяў замак пастаянна дабудоўваўся, разбураўся нашэсцямі татар, туркаў, казакоў, затым зноў аднаўляўся.
Па-за мурамі замка ў пачатку ХVІІ ст. князем Адамам Геранімам Сіняўскім быў уведзены гатычны касцёл.
У Мяджыбажы кватэраваў са сваімі вайсковымі аддзеламі Тадэвуш Касцюшка, дзе яго напаткала гарачае каханне да Тэклі Журоўскай, якое скончылася глыбокім душэўным расчараваннем.
Першая прафісійная рэстаўрацыя замка ў Мяджыбажы пачалася яшчэ ў 1843 г. Падчас Першай і Другой сусветных войнаў замак быў моцна зруйнаваны, але намаганнямі мясцовых улад у 1968 г. часткова адноўлены.

УЛАДАРЫ КРАІН І ТАДЭВУШ КАСЦЮШКА

Кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Да сваёй каранацыі ён меў імёны Станіслаў Антоній. Ураджэнец Берасцейшчыны – земляк Т.Касцюшкі. Нарадзіўся 17 студзеня 1732 г. у рэзідэнцыі свайго бацькі, якая размяшчалася ў мястэчку Воўчын (цяпер Камянецкі раён). Ахрысціў будучага караля ксёндз, доктар тэалогіі Войцех Класовіч у воўчынскім касцёле Святой Тройцы.
Хлопчык атрымаў выдатную адукацыю. Ягоная маці Канстанцыя Чартарыйская стварыла ў Воўчыне школу, дзе сама разам з іншымі настаўнікамі вяла заняткі.
Пасля заканчэння Варшаўскага калегіума Станіслаў вучыўся ва універсітэтах Англіі і Францыі. У 1755 – 1764 гг. займаў ганаровую пасаду стольніка ВКЛ, некалькі гадоў працаваў сакратаром англійскага пасольства і паслом у Санкт-Пецярбургу.
Пры падтрымцы Кацярыны ІІ і заможнага роду Чартарыйскіх Станіслаў быў абраны каралём Рэчы Паспалітай. Час яго праўлення (1764 – 1795 гг.) гісторыкі называюць "залатым векам адраджэння навук". Адначасова гэта быў перыяд бурлівага палітычнага жыцця, поўны ваенных ліхаценняў.
Спачатку кароль спрабаваў вызваліцца ад апекі Расіі, хацеў прымірыць апазіцыйныя рухі ў краіне, праводзіў рэформы дзяржаўнай улады, абвясціў Канстытуцыю, спрыяў развіццю прамысловасці, гандлю, выступаў мецэнатам у галіне культуры, падтрымліваў тэатр, выяўленчае мастацтва, чым у пэўнай меры ўзнімаў гонар Польшчы і ВКЛ.
Аднак праўленне Станіслава Аўгуста скончылася (як для дзяржавы, так і для яго самаго) вельмі трагічна. Тройчы на яго вачах і пры яго непасрэдным удзеле краіна, знясіленая ўнутраным разладдзем, разрывалася на кавалкі больш магутнымі суседзямі. 25 лістапада 1795 г. Станіслаў Аўгуст уласнаручна падпісаў акт адрачэння.
Асуджэнне яго дзеянняў грамадствам, перажыванні, жыццё ў выгнанні – усё разам паўплывала на стан здароўя колішняга караля. 12 лютага 1798 г. ён памёр у Санкт-Пецярбургу. Пахавалі караля 8 сакавіка ў крыпце касцёла Святой Кацярыны. У ноч з 14 на 15 ліпеня 1938 г. астанкі ў алавянай труне былі дастаўлены на яго малую радзіму і патаемна перазахаваны ў склепе Воўчынскага касцёла.
Першае спатканне Тадэвуша Касцюшкі са Станіславам Аўгустам адбылося падчас вучобы ў Кадэцкім корпусе, створаным пад апекай і паводле загаду караля ў канцы 1765 г.
Крыху пазней, калі Станіслаў Аўгуст наведаў корпус, ён пацікавіўся мастаком Касцюшкам, які на гэты час быў ужо капітанам. У кабінеце начальніка корпуса Тадэвуш паказаў каралю дзве карціны: "Варшава ноччу" і "Казакі ў Варшаве". Кароль ацаніў творы, бо сам няблага маляваў.
У лістападзе 1769 г. Станіслаў Аўгуст вызначыў капітанаў Касцюшку і Арлоўскага сваімі стыпендыятамі і накіраваў для навучання ў Парыж. Асобныя даследчыкі адзначаюць, што Касцюшка даверыў сакрэт свайго кахання да Людвікі Сасноўскай каралю, чакаў падтрымкі ў манарха і ўздзеяння на яе незгаворлівага бацьку.
12 кастрычніка 1789 г. кароль падпісаў патэнт аб прысваенні Касцюшку звання генерал-маёра, затым генерал-лейтэнанта каронных войск.
Апошняя сустрэча Касцюшкі са Станіславам Аўгустам адбылася падчас паўстання (11 ліпеня 1794 г.) у пакоях каралеўскага замка Варшавы. Касцюшка гарантаваў каралю бяспеку і ахову ад расправы. У дачыненні да асобы манарха генерал заўсёды праяўляў павагу і рыцарскія адносіны.

Джордж Вашынгтон

Нарадзіўся будучы першы прэзідэнт ЗША 22 лютага 1732 г. у горадзе Брыдж-Крык штата Вірджынія ў сям'і багатага плантатара-рабаўладальніка. З 16-ці гадоў пачаў працаваць інжынерам, пазней атрымаў званне маёра і пасаду камандзіра мясцовага апалчэння (міліцыі).
У чыне палкоўніка камандаваў войскамі Вірджыніі, затым выйшаў у адстаўку. Выступаў супраць брытанскага ўладарніцтва, выбіраўся прадстаўніком на 1-ы і 2-і Кантынентльныя кангрэсы. Напачатку вызваленчай вайны быў абраны галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Карыстаўся папулярнасцю ў народных масах, што ў значнай меры паспрыяла вызваленню Злучаных Штатаў.
У 1787 г. пад кіраўніцтвам Вашынгтона была выпрацавана Канстытуцыя ЗША, якая амаль без зменаў захавалася да нашага часу. У 1789 г. ён быў абраны першым прэзідэнтам краіны. Увайшоў у гісторыю як прагрэсіўны дзеяч, у барацьбе за незалежнасць сваёй краіны займаў паслядоўную пазіцыю.
Перад смерцю вызваліў усіх асабістых рабоў. Памёр Вашынгтон 1799 г. Яго імем названы штат на паўночным захадзе Злучаных Штатаў і сталіцы краіны, паўсюдна ў ЗША яму ўзведзены велічныя помнікі, у сталіцы – мемарыял Вашынгтона.
Касцюшка карыстаўся вялікай павагай у Джорджа Вашынгтона, шмат разоў сустракаўся з ім. Па хадатайству Вашынгтона Кангрэс ЗША 13 кастрычніка 1783 г. надаў Касцюшку званне брыгаднага генерала амерыканскай арміі, а ў лістападзе шляхціц з-пад Брэста з рук прэзідэнта атрымаў на памяць шпагу і пару пісталетаў.

Прэзідэнт ЗША Томас Джэферсан

Томас Джэферсан (трэці прэзідэнт ЗША) нарадзіўся 13 красавіка 1743 г. у Шэдуэле, на плантацыі свайго бацькі. Па мацярынскай лініі паходзіў з сям'і багатых землеўладальнікаў Вірджыніі, атрымаў рознабаковую адукацыю. З маладых гадоў уключыўся ў палітычную і грамадскую дзейнасць, у 26 гадоў абіраўся дэпутатам Вірджынскага заканадаўчага сходу, у 32 гады – дэпутатам Кантынентальнага кангрэса, які прыняў рашэнне аб аддзяленні паўночна-амерыканскіх калоній ад Англіі. У перыяд вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы распрацаваў праект Дэкларацыі Незалежнасці.
Т.Джэферсан рэзка выступаў супраць рабства, з'яўляўся ініцыятарам адмены феадальных парадкаў у земляробстве, аўтарам "Статута аб рэлігійнай свабодзе". Некалькі гадоў з'яўляўся губернатарам штата Вірджынія, затым паслом ЗША ў Францыі і дзяржаўным сакратаром у першай адміністрацыі Дж.Вашынгтона і гэтак далей.
Карыстаўся павагай народа, быў абраны віцэ-прэзідэнтам, а ў 1801 – 1809 гг. – прэзідэнтам ЗША.
Меў шэраг навуковых прац у галіне эканомікі, па пытаннях барацьбы за мір і дэмакратыю. Памёр на 84-м годзе жыцця. Яго імя належна шануе народ ЗША. У цэнтры Вашынгтона яму ўзведзены манументальны помнік, які носіць назву "Мемарыял Джэферсана".
Т.Джэферсан да самай смерці Касцюшкі меў з ім сяброўскія адносіны, вёў доўгую перапіску. У перыяд другога прыезду ў Амерыку Касцюшка намаляваў партрэт свайго сябра з лаўравым вянком на галаве, што сведчыла аб сапраўднай дружбе паміж двума вялікімі дзеячамі.

Джон Адамс

Нарадзіўся будучы другі прэзідэнт ЗША Джон Адамс 30 кастрычніка 1735 г. У перыяд вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы выбіраўся членам 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Напрыканцы вайны браў удзел у перагаворах, якія скончыліся падпісаннем Версальскай мірнай дамовы 1783 г. паміж ЗША і Англіяй. Пры ДЖ.Вашынгтоне займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, а ў 1797 – 1801 гг. – прэзідэнта ЗША.
Яго прэзідэнцтва адзначана прыняццем у 1798 г. шэрагу законаў, якія ўзмацнялі падазронасць да іншаземцаў. У прыватнасці, законы "Аб іншаземцах", "Аб натуралізацыі" былі накіраваны супраць рэвалюцыйнай эміграцыі з еўрапейскіх краін, ускладнялі набыццё амерыканскага грамадзянства. Паўсюдна ўводзіліся паліцэйская слежка і цэнзура, насаджалася нецярпімасць да апазіцыйных рухаў. Закон "Аб падбухторванні" прадугледжваў турэмнае зняволенне за крытыку кіраўніцтва краіны.
Праз чатыры гады Дж.Адамса на пасту прэзідэнта ЗША змяніў Томас Джэферсан. Памёр Дж.Адамс 4 ліпеня 1826 г. ва ўзросце 91 года.
Другі прыезд Т.Касцюшкі ў ЗША супаў з перыядам змены ўлады і пачаткам праўлення Дж.Адамса. У краіне адбываліся адчувальныя змены ў адносінах да іншаземцаў, рэвалюцыйна настроеных грамадзян.
Даведаўшыся ад свайго сябра Т.Джэферсана, які быў на той час віцэ-прэзідэнтам, што Джон Адамс вядзе палітыку ўцягвання ЗША ў вайну з рэвалюцыйнай Францыяй, Касцюшка адмовіўся ад аўдыенцыі з Адамсам у Нью-Брунсуіку. Адамс даручыў сваім службам адсочваць дзеянні Касцюшкі ў Амерыцы. Аб гэтай небяспецы папярэдзіў сябра Т.Джэферсан і параіў Касцюшку як мага хутчэй пакінуць Амерыку. Гэтыя абставіны з'явіліся першапрычынай нечаканага ад'езду Тадэвуша ў Еўропу.

Расійская імператрыца Кацярына ІІ

Нарадзілася будучая імператрыца 21 красавіка (2 мая) 1729 г. у горадзе Шчэціне (сёння тэрыторыя Польшчы). Паходзіла з нямецкай княжацкай сям'і, да прыезду ў Расію насіла імя Сафія Фрэдэрыка Аўгуста Ангальт-Цэрбст. У 1745 г. выдадзена замуж за царэвіча Пятра, будучага імператара. Выкарыстаўшы непапулярнасць мужа сярод прыдворных, з дапамогай гвардыі здзейсніла палацавы пераварот і захапіла трон. Правяла шэраг заканадаўчых актаў па ўладкаванні дзяржаўнага апарату кіравання, падавіла сялянскую вайну ў Расіі, узмацніла тэрытарыяльную экспансію на Поўдзень і Захад, здзейсніла падзелы Рэчы Паспалітай.
Вылучалася ўладнымі амбіцыямі, жалезнай воляй, незвычайнай працавітасцю і дыпламатычнасцю. Беларускія і ўкраінскія тэрыторыі Кацярына ІІ лічыла спрадвеку расійскімі. На землях Беларусі падаравала расійскай арыстакратыі звыш 180 тысяч душ сялян, скасавала Магдэбургскае права, увяла рэкруцкую павіннасць, распачала гвалтоўны перавод уніятаў у праваслаўе і русіфікацыю насельніцтва Беларусі ды Украіны. Акрамя вырашэння дзяржаўных і палітычных спраў, займалася літаратурнай дзейнасцю.
З палонным Т.Касцюшкам Кацярына ІІ не сустракалася асабіста, але праз свае службы кантралявала кожны яго крок. Пасля яго паланення пад Мацяёвіцамі аддала загад сакрэтна канваіраваць вязня ў Санкт-Пецярбург і пасадзіць Тадэвуша Касцюшку і яго паплечнікаў у Петрапалаўскую крэпасць.
Незалежна ад стану здароўя Касцюшкі следства не спынялася. Імператрыца асабіста знаёмілася з вынікамі дазнання. Ёй пастаянна дастаўлялі пратаколы допытаў, справаздачы, ведамасці, табелі і іншыя паперы, звязаныя з гэтым працэсам.
Толькі пасля смерці імператрыцы (у канцы лістапада 1796 г.) паўстанцы 1794 г. атрымалі доўгачаканае вызваленне.

Імператар Павел І

Павел І, сын Пятра ІІІ і Кацярыны ІІ, нарадзіўся 20 верасня (1 кастрычніка) 1754 г. Выхоўваўся імператрыцай Лізаветай, якая хацела зрабіць яго сваім спадчыннікам (замест Пятра ІІІ). Уступленне на трон Кацярыны ІІ узмацніла адчужэнне паміж ёю і сынам. Падчас праўлення маці жыў у Гатчыне, восенню 1776 г. ажаніўся з Сафіяй Даратэяй Вюртэмбергскай (Марыяй Фёдараўнай), з якой меў 4 сыноў і 6 дачок.
Стаў імператарам пасля раптоўнай смерці маці. Пачаў рэзка мяняць кацярынскія парадкі, стварыў уласную канцэлярыю, вызваліў зняволеных пры Кацярыне ІІ М.І.Новікава, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш.
Указам Паўла І ад 12 снежня 1796 г. Полацкая і Магілёўская губерні былі аб'яднаны ў Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску, а Віленская і Слонімская – у Літоўскую з цэнтрам у Вільні. Прыпыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Рымскаму папе, зняважанаму Вялікай Французскай рэвалюцыяй, Павел І прапанаваў перасяліцца ў Расію, даў прытулак мальтыйскаму ордэну, узяў пад апеку езуітаў, выклікаў ганенні на французскую культуру, на вальнадумства, удзельнічаў у антыфранцузскай кааліцыі, але заключыў пагадненне з Банапартам.
Усталяванне неабмежанай асабістай улады, паліцэйская апека над прыватным жыццём дваранства, зігзагі ў знешняй палітыцы, неўраўнаважаны характар Паўла выклікалі арганізацыю супраць яго змовы і палацавы пераварот 12 сакавіка 1801 г., у выніку якога імператар быў забіты, а да ўлады прыведзены ягоны сын Аляксандр І.
Асабістыя адносіны Паўла і Т.Касцюшкі ўкладваюцца ў кароткі прамежак часу (усяго каля месяца – з першай іх сустрэчы ў сярэдзіне лістапада і да ад'езду генерала ў Еўропу і Амерыку ў сярэдзіне снежня 1796 г.). Гэтыя дні ўмясцілі шэраг важнейшых падзей, якія змянілі лёс не толькі Т.Касцюшкі, але і яго бліжэйшых паплечнікаў, а таксама 12 тысяч палонных з Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

Напалеон Банапарт і Тадэвуш Касцюшка

Нарадзіўся Напалеон І 15 жніўня 1769 г. у горадзе Аяча на востраве Корсіка. Ва ўзросце пятнаццаці гадоў скончыў ваеннае вучылішча, затым вучыўся ў Парыжскай вайсковай школе. Хутка зрабіў ваенную кар'еру. За штурм Тулона, захопленага манархіцкімі мяцежнікамі і англічанамі, у 1793 г. атрымаў званне брыгаднага генерала, а за падаўленне контррэвалюцыйнага мяцежу ў Парыжы быў прызначаны камандуючым сталічным гарнізонам. Паспяхова ваяваў супраць Аўстрыі, Сардзінскага каралеўства, у Егіпце. У 1799 г. здзейсніў дзяржаўны пераварот і захапіў уладу. У 1802 г. абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 г. – імператарам Францыі. Валодаў талентам вялікага палкаводца, стварыў велізарную імперыю, удасканаліў ваенную стратэгію і тактыку.
Падчас расійскай кампаніі 1812 г., каб схіліць на свой бок магнатаў Беларусі і больш эфектыўна кіраваць акупаванымі тэрыторыямі, зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад ВКЛ, яшчэ раней падпісаў Канстытуцыю Варшаўскага княства. Пацярпеў паражэнне ў вайне з Расіяй і 6 красавіка 1814 г. адрокся ад трона. Быў ізаляваны на востраве.
У сакавіку 1815 г. нечакана высадзіўся ў Францыі, аднавіў уладу, распачаў зноў ваенныя дзеянні, але быў разгромлены пры Ватэрлоа. Памёр у ссылцы 5 мая 1821 г.
Як падае Л.Ратайчык, першае спатканне Т.Касцюшкі з генералам Банапартам адбылося 6 лістапада 1799 г. у Парыжы на ўрачыстасці ў гонар Напалеона. 10 лістапада, адразу пасля перавароту, здзейсненага Напалеонам, Касцюшка адкрыта асудзіў яго як узурпатара і не пажадаў прыбыць на ўрачыстасць каранацыі Напалеона, якая адбылася 2 снежня 1804 г. у парыжскім храме Нотр-Дам дэ Пары.
Калі Банапарт пачаў захопніцкія войны, ён запрасіў генерала Касцюшку да сябе і прапанаваў яму сумесныя дзеянні ў паходах па Еўропе.
Касцюшка прыняў прапанову, але з умовай, што французскі імператар абвесціць незалежнасць Польшчы і Літвы. Напалеон быў непрыемна ўражаны настойлівасцю нашага героя і ў парыве гневу заявіў, што не хоча нічога ні абяцаць, ні гарантаваць ліцвінам ды палякам, а Касцюшку раіць цалкам падпарадкавацца волі імператара французаў. Даведаўшыся аб гэтым, Касцюшка абурыўся і напісаў ліст французскаму імператару 21 студзеня 1807 г. яшчэ адзін ліст аб дальнейшым лёсе Рэчы Паспалітай, граніцы якой марыў бачыць ад Рыгі да Адэсы і ад Гданьска да Венгрыі.
Напалеон ацаніў патрабаванні Касцюшкі як нерэальныя і немагчымыя і перастаў кантактаваць і перапісвацца з ім. Банапарт знайшоў больш паслужлівых польскіх дзеячоў для ажыццяўлення сваіх захопніцкіх планаў.

Аляксандр І і Тадэвуш Касцюшка

Будучы расійскі імператар Аляксандр Паўлавіч нарадзіўся 12 (23) снежня 1777 г. З'яўляўся старэйшым сынам імператара Паўла І і імператрыцы Марыі Фёдараўны, унукам Кацярыны ІІ. Ужо да ўзыходжання на трон актыўна ўдзельнічаў у дзяржаўных справах: выконваў абавязкі пецярбургскага ваеннага губернатара, быў членам Сената, старшынёй ваеннага дэпартамента і інш. Правёў шэраг рэформ дзяржаўнага ладу і асветы: падпісаў закон аб вольных хлебаробах, стварыў міністэрствы, навучальныя акругі, рэарганізаваў Віленскі і Дэрпцкі універсітэты, заснаваў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў Харкаве і Казані.
Падчас кааліцыйных дзеянняў супраць Францыі ў 1805 г. пабываў у Магілёве і Брэсце. У 1808 г. падпісаў з Напалеонам І Эрфурцкую канвенцыю, паводле якой за Расіяй прызнаваліся правы на Фінляндыю, Малдову і Валахію.
Пасля перамогі над Напалеонам І (у 1813 – 1814 гг.) устаў на чале антыфранцузскай кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў, далучыў да Расійскай імперыі Царства Польскае, арганізаваў Свяшчэнны Саюз – аб'яднанне еўрапейскіх манархаў для барацьбы з рэвалюцыйным і нацыянальна-вызваленчым рухам. Праводзіў рэакцыйную ўнутраную і знешнюю палітыку. Шмат падарожнічаў па імперыі. Памёр 19 лістапада 1825 г. у Таганрогу.
Паміж Аляксандрам І і Т.Касцюшкам склаліся даволі цёплыя ўзаемаадносіны.
9 красавіка 1814 г. Касцюшка напісаў ліст да імператара, у якім прасіў даць амністыю польскім войнам, што служылі Напалеону І, адмяніць прыгонніцтва, а таксама пасадзейнічаць Францу Пятру Цэлтнеру ў набыцці дзяржаўнай пасады. Аляксандр І запрасіў Касцюшку на сустрэчу, якая адбылася ў Парыжы 3 мая 1814 г. Імператар запэўніў генерала, што мае намер аднавіць польскую дзяржаўнасць і робіць у гэтым накірунку пэўныя крокі.
На ліст генерала Аляксандр І адказаў 3 мая. Як падае Л.Астравер, імператар запэўніў Касцюшку ў тым, што "... пройдзе яшчэ колькі часу, і пры мудрым кіраўніцтве палякі будуць зноў мець Айчыну і імя. Мне будзе прыемна даказаць ім, што чалавек, якога яны лічаць сваім ворагам, забыўшы былое, ажыццявіць усе іх жаданні...". Імператар таксама абяцаў, што падорыць Францу Цэлтнеру маёнтак у Польшчы з прыбыткам 10 тысяч франкаў у год.
Перад выездам Аляксандра І з Парыжа ў Англію Касцюшка выказаў яму ўдзячнасць за намаганні па аднаўленні Рэчы Паспалітай.
У верасні 1814 г. распачаў сваю работу Венскі кангрэс, на якім востра паўстала пытанне пра будучыню Польшчы. Цар сапраўды хацеў стварыць пад апекай Расіі адзіную польскую канстытуцыйную дзяржаву, але Аўстрыя і Прусія настойвалі на канчатковым падзеле Польшчы. Касцюшка быў расчараваны такім ходам справы. 3 чэрвеня ён напісаў патрыятычнае пісьмо Аляксандру І, у якім шчыра гаварыў, што нарадзіўся ліцвінам і хацеў бы бачыць сваю зямлю і сваіх землякоў больш шчаслівымі ў будучым.
Т.Касцюшка так і не дачакаўся адказу імператара. 25 чэрвеня 1815 г. выехаў на новае месца жыхарства – у Салатурн, дзе дажываў да канца сваіх дзён.

Т. КАСЦЮШКА -
ІНЖЫНЕР, МАСТАК, КАМПАЗІТАР

Інжынер, архітэктар, фартыфікатар

Т.Касцюшка паказаў сябе шматгранным і адораным талантамі чалавекам. У ліку ягоных дараванняў далёка не апошняе месца займаў талент інжынера, архітэктара і фартыфікатара. Менавіта гэтыя якасці дазволілі Касцюшку набыць вядомасць, славу і высокае званне нацыянальнага героя ЗША. Да поспеху яго прывёў шлях стараннай і ўпартай вучобы. Яшчэ падчас заняткаў у Варшаўскім корпусе кадэт Касцюшка быў накіраваны ў спецыяльную групу, якая паглыблена займалася ваенна-інжынернымі навукамі. Затым для ўдасканалення ведаў у вайсковай справе, ён у 1769 г. адправіўся ў Парыж. Там амаль пяць гадоў пад кіраўніцтвам першакласных спецыялістаў вывучаў асновы праектавання фартыфікацыйных умацаванняў, будаўніцтва мастоў і дарог, шлюзаў, плацін і каналаў.
Абставіны склаліся так, што Касцюшка не здолеў патрапіць у Корпус артылерыі. Затое ён апынуўся ў ЗША, дзе змог у поўнай меры праявіць свой інжынерны талент. Ён хутка ўключыўся ў справу. Пасля паручэння патэнта на званне інжынера амерыканскай арміі ён атрымаў першы ваенны загад: забяспечыць умацаванне пазіцый з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў на рацэ Гудзон блізу Саратогі.
Як сцвярджаюць ваенныя гісторыкі, менавіта абарончыя ўмацаванні Касцюшкі сталі адным з важнейшых фактараў бліскучай перамогі маладой амерыканскай арміі над англійскімі войскамі пад Саратогай, дзе амаль 6,5 тысяч англічан здаліся ў палон.
Пасля гэтага Касцюшку было даручана будаўніцтва крэпасці Уэст-Пойнт. На выкананне адказнага задання пайшло два з паловай гады. Па яго праекту ўзводзілася сама цытадэль, чатыры фарты і сем рэдутаў. Крэпасць клікалі "варотамі" Амерыкі. Яна сапраўды стала самай магутнай на кантыненце. Англічане не толькі не рашыліся на штурм Уэст-Пойнта, але нават не здолелі прайсці міма яго па Гудзону, паколькі рака на ўсю сваю шырыню была перацягнута спраектаваным Касцюшкам 450-метровым ланцугом.
Амерыка шчодра аддзячыла нашаму земляку за яго клопаты на палях баёў за незалежнасць. Даравала яму ордэн Цынцыната, званне брыгаднага генерала, амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел.
Але большасць гэтых сродкаў была астаўлена Касцюшкам свайму сябру Томасу Джэферсану для выкупу з няволі неграў. Пры ім засталіся веды ваеннай справы, практычны вопыт і ідэі незалежнасці.
Усё гэта цалкам знайшло сваё выкарыстанне на радзіме. Былі ў яго перамогі і паражэнні, надзеі і пакуты. Для нас гэта гісторыя, для Касцюшкі – памяць і жыццё.

Мастак, разьбяр.

Пасля навучання ў Кадэцкім корпусе капітан Т.Касцюшка разам са сваім сябрам Ю.Арлоўскім восенню 1769 г. накіраваліся на вучобу ў Парыж. Тут яны наведвалі заняткі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры.
Захаваліся дванаццаць малюнкаў, выкананых Т.Касцюшкам падчас вучобы ў Парыжы і падарожжаў па Еўропе 1770-1773 гг. Да найбольш арыгінальных мастацкіх прац Касцюшкі можна аднесці выяву ўкрыжавання Хрыста, чатыры акварэлі з гістарычнымі матывамі выгляду Рыма. Акварэлі былі намаляваны ў сентыментальна-рамантычным стылі. Маладзён стварыў таксама адмысловы алегарычны план паркавага ансамбля на тэрыторыі горада Чартарыйска. Яшчэ Касцюшка выканаў пяром партрэт мужчыны ў іспанскім адзенні, які падараваў князю Адаму Казіміру Чартарыйскаму.
Выступаючы ў ролі мастака, ён часцей выконваў працы акварэллю і алоўкам, з прыемнасцю аддаваўся разьбе па дрэву. З-пад яго рукі выходзілі дзівосныя абразкі, табакеркі, шкатулкі, ліхтарыкі, цукерніцы і іншыя рэчы.

Музычны талент

Даследчыца беларускай музычнай спадчыны В.Дадзіёмава падае, што Тадэвуш Касцюшка меў таксама добрыя музычныя схільнасці, "шчыра захапляўся музыкай, добра іграў і нават ствараў музычныя кампазіцыі".
У 1790-я гг. ён написаў паланез для голасу і фартэпіяна, які набыў вядомасць у асяроддзі інтэлігенцыі. Аўтарства гэтага твора доўгі час заставалася невядомым. Даследчыкі музычнай спадчыны ХVІІІ ст. спачатку прыпісвалі паланез знакамітаму кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму. Пазней у рэдкім лонданскім старадруку аўтарам паланеза быў названы менавіта генерал Касцюшка. Гэты твор сапраўды мае ўсе асноўныя меладычныя прыкметы і ўласцівасці жанру і не выходзіць за яго традыцыйныя межы. У лонданскім выданні змешчаны і другі паланез, а таксама вальс, танцавальныя мініяцюры, прызначаныя для хатняга музіцыравання.
З імем Касцюшкі звязаны і некаторыя музычныя творы, што ўзніклі ў асяроддзі змагароў за свабоду. Маюцца на ўвазе два вайсковыя маршы, што захаваліся ў выданні канца XIX ст.
Неабходна падкрэсліць, што словы Другога марша ("Наш Касцюшка слаўны быў") добра вядомы ў Беларусі.
Вядома, што Касцюшка меў практыку музіцырывання ў Сасновіцах, дзе ён з захапленнем выконваў ролю хатняга настаўніка для сваёй каханай Людвікі Сасноўскай.
Падчас знаходжання ў Бярвілі ён таксама вучыў музыцы дзяцей Цэлтнера.
Музычная спадчына Касцюшкі – неацэнная скарбніца, адна з найвялікшых каштоўнасцей для напаўнення музеяў Касцюшкі, дзе яе гучанне выклікае асаблівую зацікаўленнасць у наведвальнікаў.

Т. КАСЦЮШКА -
ІНЖЫНЕР, МАСТАК, КАМПАЗІТАР

Інжынер, архітэктар, фартыфікатар

Т.Касцюшка паказаў сябе шматгранным і адораным талантамі чалавекам. У ліку ягоных дараванняў далёка не апошняе месца займаў талент інжынера, архітэктара і фартыфікатара. Менавіта гэтыя якасці дазволілі Касцюшку набыць вядомасць, славу і высокае званне нацыянальнага героя ЗША. Да поспеху яго прывёў шлях стараннай і ўпартай вучобы. Яшчэ падчас заняткаў у Варшаўскім корпусе кадэт Касцюшка быў накіраваны ў спецыяльную групу, якая паглыблена займалася ваенна-інжынернымі навукамі. Затым для ўдасканалення ведаў у вайсковай справе, ён у 1769 г. адправіўся ў Парыж. Там амаль пяць гадоў пад кіраўніцтвам першакласных спецыялістаў вывучаў асновы праектавання фартыфікацыйных умацаванняў, будаўніцтва мастоў і дарог, шлюзаў, плацін і каналаў.
Абставіны склаліся так, што Касцюшка не здолеў патрапіць у Корпус артылерыі. Затое ён апынуўся ў ЗША, дзе змог у поўнай меры праявіць свой інжынерны талент. Ён хутка ўключыўся ў справу. Пасля паручэння патэнта на званне інжынера амерыканскай арміі ён атрымаў першы ваенны загад: забяспечыць умацаванне пазіцый з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў на рацэ Гудзон блізу Саратогі.
Як сцвярджаюць ваенныя гісторыкі, менавіта абарончыя ўмацаванні Касцюшкі сталі адным з важнейшых фактараў бліскучай перамогі маладой амерыканскай арміі над англійскімі войскамі пад Саратогай, дзе амаль 6,5 тысяч англічан здаліся ў палон.
Пасля гэтага Касцюшку было даручана будаўніцтва крэпасці Уэст-Пойнт. На выкананне адказнага задання пайшло два з паловай гады. Па яго праекту ўзводзілася сама цытадэль, чатыры фарты і сем рэдутаў. Крэпасць клікалі "варотамі" Амерыкі. Яна сапраўды стала самай магутнай на кантыненце. Англічане не толькі не рашыліся на штурм Уэст-Пойнта, але нават не здолелі прайсці міма яго па Гудзону, паколькі рака на ўсю сваю шырыню была перацягнута спраектаваным Касцюшкам 450-метровым ланцугом.
Амерыка шчодра аддзячыла нашаму земляку за яго клопаты на палях баёў за незалежнасць. Даравала яму ордэн Цынцыната, званне брыгаднага генерала, амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел.
Але большасць гэтых сродкаў была астаўлена Касцюшкам свайму сябру Томасу Джэферсану для выкупу з няволі неграў. Пры ім засталіся веды ваеннай справы, практычны вопыт і ідэі незалежнасці.
Усё гэта цалкам знайшло сваё выкарыстанне на радзіме. Былі ў яго перамогі і паражэнні, надзеі і пакуты. Для нас гэта гісторыя, для Касцюшкі – памяць і жыццё.

Мастак, разьбяр.

Пасля навучання ў Кадэцкім корпусе капітан Т.Касцюшка разам са сваім сябрам Ю.Арлоўскім восенню 1769 г. накіраваліся на вучобу ў Парыж. Тут яны наведвалі заняткі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры.
Захаваліся дванаццаць малюнкаў, выкананых Т.Касцюшкам падчас вучобы ў Парыжы і падарожжаў па Еўропе 1770-1773 гг. Да найбольш арыгінальных мастацкіх прац Касцюшкі можна аднесці выяву ўкрыжавання Хрыста, чатыры акварэлі з гістарычнымі матывамі выгляду Рыма. Акварэлі былі намаляваны ў сентыментальна-рамантычным стылі. Маладзён стварыў таксама адмысловы алегарычны план паркавага ансамбля на тэрыторыі горада Чартарыйска. Яшчэ Касцюшка выканаў пяром партрэт мужчыны ў іспанскім адзенні, які падараваў князю Адаму Казіміру Чартарыйскаму.
Выступаючы ў ролі мастака, ён часцей выконваў працы акварэллю і алоўкам, з прыемнасцю аддаваўся разьбе па дрэву. З-пад яго рукі выходзілі дзівосныя абразкі, табакеркі, шкатулкі, ліхтарыкі, цукерніцы і іншыя рэчы.

Музычны талент

Даследчыца беларускай музычнай спадчыны В.Дадзіёмава падае, што Тадэвуш Касцюшка меў таксама добрыя музычныя схільнасці, "шчыра захапляўся музыкай, добра іграў і нават ствараў музычныя кампазіцыі".
У 1790-я гг. ён написаў паланез для голасу і фартэпіяна, які набыў вядомасць у асяроддзі інтэлігенцыі. Аўтарства гэтага твора доўгі час заставалася невядомым. Даследчыкі музычнай спадчыны ХVІІІ ст. спачатку прыпісвалі паланез знакамітаму кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму. Пазней у рэдкім лонданскім старадруку аўтарам паланеза быў названы менавіта генерал Касцюшка. Гэты твор сапраўды мае ўсе асноўныя меладычныя прыкметы і ўласцівасці жанру і не выходзіць за яго традыцыйныя межы. У лонданскім выданні змешчаны і другі паланез, а таксама вальс, танцавальныя мініяцюры, прызначаныя для хатняга музіцыравання.
З імем Касцюшкі звязаны і некаторыя музычныя творы, што ўзніклі ў асяроддзі змагароў за свабоду. Маюцца на ўвазе два вайсковыя маршы, што захаваліся ў выданні канца XIX ст.
Неабходна падкрэсліць, што словы Другога марша ("Наш Касцюшка слаўны быў") добра вядомы ў Беларусі.
Вядома, што Касцюшка меў практыку музіцырывання ў Сасновіцах, дзе ён з захапленнем выконваў ролю хатняга настаўніка для сваёй каханай Людвікі Сасноўскай.
Падчас знаходжання ў Бярвілі ён таксама вучыў музыцы дзяцей Цэлтнера.
Музычная спадчына Касцюшкі – неацэнная скарбніца, адна з найвялікшых каштоўнасцей для напаўнення музеяў Касцюшкі, дзе яе гучанне выклікае асаблівую зацікаўленнасць у наведвальнікаў.

ІМЕМ КАСЦЮШКІ НАЗВАНЫЯ

Горад Касцюшка (ЗША, штат Місісіпі)

Гораду назва Касцюшка была нададзена яшчэ у 1838г. Ён стаў цэнтрам графства Атола. Ініцыятарам надання гораду імя нашага земляка быў адзін з заснавальнікаў паселішча Уільям Дод, які шмат пачуў пра Касцюшку ад свайго дзеда, ваяваўшага разам з Касцюшкам за незалежнасць ЗША. У сучасны перыяд, у горадзе існуе гісторыка-краязнаўчы музей, у якім маецца пастаянная экспазіцыя пра жыццё і дзейнасць славутага генерала.

Горад Касцюшка (ЗША, штат Тэхас)

Сёння паселішча складаецца, у асноўным, з невялікіх ферм. Асноўнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Касцюшкі з'яўляецца каталіцкая царква Святой Ганны.

Графства Касцюшка (ЗША, штат Індзіяна)

Графства знаходзіцца на поўначы штата. Цэнтральным горадам з'яўляецца Варсаў (Варшава). Гэтую назву паселішчу далі ўлады штата па хадатайству мясцовых жыхароў, продкі якіх паходзілі з Рэчы Паспалітай.
Горад складаецца з 14 раёнаў (адміністрацый), сярод якіх найбольш значнымі з'яўляюцца: Франклін, Клэй, Гарысан, Джэксан, Джэферсан, Лейк, Скот. Жыхары графства шануюць імя Касцюшкі. Штогод арганізуюцца ўрачыстасці з нагоды яго нараджэння. Краязнаўчы музей графства Касцюшкі месціцца ў памяшканні колішняй турмы.

Мост Тадэвуша Касцюшкі (ЗША, Нью-Йорк)

Мост знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, перакінуты праз раку Махаўку ў прадмесці Нью-Йорка, злучае раёны Калоні і Хафмун. Мост адносіцца да тыпу падвясных збудаванняў. Ён пабудаваны ў 1959 г., складаецца з дзвюх паралельных частак, з рухам аўтамабіляў у напрамках на поўнач і поўдзень. Мясцовыя жыхары часам называюць гэты мост Блізнятамі.

Гара Касцюшка (Аўстралія)

На тэрыторыі штата Новы Паўднёвы Уэльс у Аўстраліі знаходзіцца самая высокая гара кантынента вышынёй 2228 м, якая носіць імя Касцюшкі. Назву вяршыні даў польскі вучоны, географ і падарожнік Павел Стралецкі. Даследчык падняўся на Аўстралійскія Альпы 15 лютага 1840 г. Для трыганаметрычнага вымярэння ён выбраў вяршыню, голую і каменную, якая ўзвышалася над ўсімі астатнімі. Ён адзначыў асаблівую канфігурацыю гэтага ўзвышэння, падобнага на курган, што ўзведзены ў Кракаве над магілаю Касцюшкі.
Пасля абследавання гары П.Стралецкі пісаў, што велічную вяршыню, на якую да яго ніхто не паднімаўся, ён выкарыстаў, каб ушанаваць на аўстралійскім кантыненце і пакінуць у памяці будучых пакаленняў дарагое імя Касцюшкі.
Імя Касцюшкі носіць таксама маляўнічы Нацыянальны парк Аўстраліі, на зямлі якога і знаходзіцца гэтая вяршыня.

Дывізія імя Т.Касцюшкі

Дывізія створана ад 8 і 9 мая 1943 г. Менавіта ў гэтыя дні савецкія газеты і радыё перадалі паведамленне пра рашэнне Урада СССР аб стварэнні польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі.

МЕМАРЫЯЛЫ ТАДЭВУША КАСЦЮШКІ

Удзячныя нашчадкі розных краін свету годна ўшанавалі імя і памяць Т.Касцюшкі мемарыяламі і мемарыяльнымі знакамі, якія ўсталёўваліся паўсюдна, дзе жыла ідэя вольнасці, роўнасці і братэрства.
Першы вечны курган герою быў насыпаны ў Кракаве, затым – у Старым Быхаве (Беларусь, 1917), каля вёскі Адамчукі (Україна, пачатак ХХ ст.), у Рацлавіцах (Польшча, 1954) і ў іншых месцах.

Капец (курган) Касцюшкі (Кракаў)

Капец быў насыпаны ўручную ва ўшанаванне Т.Касцюшкі на адным з падкракаўскіх узвышшаў у 1820-1823 гг. Невядома, каму першаму належыць ідэя насыпаць курган Касцюшкі, але 21 чэрвеня 1820 г. сенат Кракава разгледзеў праект кургана і 19 ліпеня прыняў рашэнне аб яго ўзвядзенні.
16 кастрычніка 1820 г. на узвышша сабраліся тысячы кракавян, шмат гасцей з замежжа. У падмурак кургана была змешчана урна з памятным актам, зямля з-пад Рацлавіц, іншых мясцін баявой славы. У цэнтры насыпання была ўстаноўлена сімвалічная 30-мятровая мачта з ядлоўцу. Пад гукі патрыятычнай музыкі і песняў людзі да позняга вечара неслі пясок і сыпалі яго вакол мачты. Гэта праца працягвалася да 24 лістапада.
16 красавіка 1821 г. паўтарылася новая ўрачыстасць, на якой тысячы людзей ішлі з пяском і насыпалі курган.
У сакавіку 1822 г. прафесар Ягелонскага універсітэта Ф.Сапальскі і архітэктар С.Гумберт прадставілі альтэрнатыўны праект мадэлі кургана, паводле якога вышыня яго павінна была скласці 199 сажняў, а вугал нахілу 550.
У кастрычніку 1823 г. да кургана была прывезена зямля з поля бітвы пад Дубенкай. На гэты час курган практычна быў закончаны. Вышыня кургана Касцюшкі – 34,1 м.
Далей пачаліся рэстаўрацыйныя работы на кургане, а ў 1850 г. расійскія вайскоўцы распачалі на ўзвышшы Браніславы вакол капца Касцюшкі будаўніцтва фартыфікацыйнага ўмацавання Кракава, якое цягнулася тры гады.
У студзені 1921 г. у Вавельскім замку Кракава быў пастаўлены манументальны помнік т.Касцюшку.

Мемарыял Т.Касцюшкі ў Цухвілі (Швейцарыя).

Старэйшым мемарыялам з'яўляецца помнік-капліца Т.Касцюшку, закладзеная ў 1817 г. каля царквы Святога Марціна ў Цухвілі, дзе пакоіліся рэшткі нашага праслаўленага земляка. Яго забальзаміраванае цела ў сакавіку 1818 г. вывезена з Салатурна ў Кракаў на Вавель.
У музеі Касцюшкі ў Салатурне захоўваюцца малюнкі і фотакарткі, на якіх адлюстравана маніфестацыя каля помніка Т.Касцюшку ў Цухвілі. Гасцявыя кнігі, што захоўваюцца ў музеі Касцюшкі ў Салатурне, сведчаць, што мемарыял Касцюшкі ў Цухвілі і музей у Салатурне наведалі прадстаўнікі многіх краін свету.

Саркафаг на Вавелі (Кракаў)

19 кастрычніка 1817 г., цела Касцюшкі без сэрца і ўнутраных органаў было пахавана пад вялікім алтаром ў падзямеллях касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі Беззаганнага Зачацця ў Салатурне.
У снежні 1817 г. прадстаўнікі народнага сходу Кракава прынялі рэзалюцыю, каб урад Каралеўства Польскага звярнуўся да цара Аляксандра І з просьбай перазахаваць прах Касцюшкі на Вавелі. Калі расійскі манарх даў згоду, дэлегацыя на чале з камергерам Антоніем Ябланоўскім прыбыла ў Салатурн. Швейцарскі ўрад даручыў займацца перадачай труны з прахам Касцюшкі і суправаджэннем яе да Кракава Францу Ксаверыю Цэлтнеру і яго сыну.
Асноўная цэрымонія перазахавання адбылася на Вавелі 22 - 23 чэрвеня 1818 г. Пасля паніхіды труна была змешчана 23 чэрвеня ў крыпце Святога Леанарда.
Цяперашні саркафаг, у якім захоўваюцца астанкі героя, быў выкананы 1832 г. разьбяром Паолам Філіпі (паводле малюнкаў архітэктара Франсуа Лансі).

Урна з сэрцам у Каралеўскім замку Варшавы

Перад самай смерцю Т.Касцюшка завяшчаў сваё сэрца любімай хросніцы Тадэі Эміліі Цэлтнер. Да 1927 г. яно захоўвалася ў сям'і Цэлтнераў у спецыяльнай урне. Пасля таго, як Цэлтнеры далі згоду перадаць сэрца ў Варшаву, урна была перавезена са Швейцарыі і ў 1927 г. з вялікай пашанай ўстаноўлена ў капліцы Варшаўскага каралеўскага замка.
Каралеўскі замак – адзін з каштоўнейшых гістарычных помнікаў Польшчы.
У першыя дні верасня 1939 г. нацыянальная рэліквія – урна з сэрцам Т.Касцюшкі – была патаемна вывезена і схавана ў мурах кафедральнага сабора Святога Яна дзе перажыла акупацыю і разбурэнне Варшавы. Знойдзеная пад руінамі касцёла урна заставалася пад апекай каталіцкай царквы.
У 1963 г. гэтая ўнікальная каштоўнасць была перададзена Нацыянальнаму музею. З 1974 г. знаходзілася на захаванні ў каралеўскім палацы ў Лазенках (Варшава). Пасля завяршэння адбудовы каралеўскага замка (1 верасня 1984 г.) урна з сэрцам Т.Касцюшкі вярнулася ў муры капліцы замка, дзе і знаходзіцца па сённяшні дзень.

Крупчыцкая капліца

Мемарыяльная капліца, прысвечаная ахвярам Касцюшкаўскага паўстання 1794 г. Яна ўзведзена ў 2004 г. і знаходзіцца ў вёсцы Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Даволі ўдалы праект капліцы, у стварэнне якога ўклаў сваю задумку і часцінку душы мясцовы архітэктар Сцяпан Кандрацюк, з гонарам рэалізавалі будаўнікі, дэкаратары і мастакі пад кіраўніцтвам П.П.Волаха.

Вобраз Тадэвуша Касцюшкі ў мастацтве.

Народы Еўропы і Амерыкі заўжды шанавалі памяць пра Касцюшку. У Польшчы, Беларусі, Украіне да гэтага часу жывуць легенды, паданні, песні, у якіх захоўваецца светлы ўспамін пра "народнага заступніка Касцюшку".
У польскай мастацкай літаратуры ягонае імя, авеянае арэолам славы, упершыню з'яўляецца ў вершы "Мазурка Дамброўскага", створаным Ю.Выбіцкім у Італіі (1797), дзе у той час генерал Дамброўскі фарміраваў польскія легіёны для арміі Напалеона Банапарта.
Пазней з'яўляюцца вершы, прысвечаныя Т. Касцюшку і напісаныя паэтамі А.Фялінскім, Ф.Княжніным. У сярэдзіне ХІХ ст. Т.Касцюшку прысвяцілі свае творы Р.Бярвінскі, А.Каранеўскі, Ю.Гашэўскі, У.Анчыц. Ю.Крашэўскі напісаў тры аповесці, якія прысвяціў падзеямі паўстання ("Безыменная", "Вандроўнік", "Варшава 1794 г."). Постаць Т.Касцюшкі ўдала адлюстравана ў аповесці В.Пшыбароўскага.
У паўстанні 1794 г. удзельнічаў бацька Адама Міцкевіча. Гэтая акалічнасць наклала свой адбітак на эпапею "Пан Тадэвуш", напісаную вялікім паэтам у Парыжы (1832-1834) Верш А.Міцкевіча "Смерць палкоўніка" быў прысвечаны легендарнай патрыётцы Эміліі Плятэр, якая ў час паўстання 1830-1831 гг. узначаліла атрад з "ветэранаў Касцюшкі".
У эмігранскім асяродку пасля 1832 г., акрамя А.Міцкевіча, пра Т.Касцюшку пісаў таксама выдатны паэт Т.Ленартовіч.
У духу народных песень выйшлі вершы таленавітай паэткі М.Канапніцкай. У пачатку ХХ ст. яна апублікавала ў Львове паэтычны цыкл "Гістарычны песеннік". У які ўвайшлі палымяныя вершы "Клятва Касцюшкі", "Чый гэта сцяг?", "Смерць Касцюшкі" і інш. У 1930 г. К.Крагельская напісала верш "Аб прабабуліных туфельках...", дзе таксама згадваецца наш легендарны зямляк.
Значнай у гісторыі касцюшкаўскай традыцыі стала п'еса У.Анчыца "Касцюшка пад Рацлавіцамі", упершыню пастаўленая ў 1880 г. на сцэнічных падмостках Кракава. У сваіх "Успамінах" празаік С.Жаромскі пакінуў пасля прагляду п'есы гарачы водгук.
У 1803 г. Я.Портэр прысвяціў генералу аповесць "Тадэвуш з Варшавы".
Постаць Т.Касцюшкі шматразова адлюстроўвалася ў выяўленчым мастацтве. У дзяржаўных музеях і прыватных калекцыях шэрагу краін захаваліся каля 100 партрэтаў, намаляваных пры жыцці Т. Касцюшкі, і незлічоная колькасць малюнкаў, скульптур, рэчаў з яго выявай, створаных за апошнія дзвесце гадоў.
Да вобразу героя звярталіся польскія, французскія, нямецкія, амерыканскія, англійскія, швейцарскія, італьянскія, галандскія і шведскія майстры жывапісу. Эпізод прысягі Т.Касцюшкі ўвасобілі Ф.Смуглевіч і М.Стаховіч. Пэндзлю выдатнага мастака Ю.Грасі належаць некалькі партрэтаў генерала, у тым ліку – у рыцарскім адзенні (1792). Мастакі Парыжа малявалі Касцюшку ў розных выявах. У тым ліку адзін з малюнкаў захаваўся пад назвай "Партрэт якабінца Касцюшкі".
У пачатку ХІХ ст. англічанін Джэймс Горвард намаляваў Т.Касцюшку ў вобразе рамантычнага юнака.
Выявы героя ў сялянскай суконнай вопратцы належаць выдатнаму мастаку А.Арлоўскаму, які 16-гадовым юнаком удзельнічаў у паўстанні 1794 г. і, верагодна, маляваў Т.Касцюшку з натуры.
Адзіны партрэт юнага Тадэвуша выкананы Ю.Норблінам. Амерыканскаму мастаку Джону Трымблу (паводле версіі Я.Капчэўскага) належыць партрэт Т.Касцюшкі (каля 1780 г.), створаны падчас знаходжання нашага земляка ў Амерыцы.
З 1798 г. датуецца партрэт Т.Касцюшкі, выкананы англічанінам Р.Козуэем.
Многія мастацкія палотны другой паловы ХІХ ст. адлюстравалі эпізоды вайсковай біяграфіі Т.Касцюшкі. Іх аўтарамі сталі Я.Матэйка і В.Косак. Высокамастацкім творам з'явілася палатно "Рацлавіцкая панарама", выкананае з нагоды 100-годдзя касцюшкаўскага паўстання мастакамі Я.Стыкам і В.Косакам.
З імем легендарнага ваеначальніка звязана шмат музычных твораў, якія ўзніклі ў Беларусі ў тым ліку два вайсковыя маршы, што захаваліся ў рэдкім выданні канца ХІХ ст. Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў ХІХ ст. на Лепельшчыне была запісана песня пра Т.Касцюшку які быццам бы загінуў у баі. Да гераічнай постаці правадыра паўстання 1794 г. неаднойчы звяртаўся наш другі выдатны суайчыннік К.Каліноўскі. У адным з нумароў "Мужыцкай праўды" ў 1862 г. ён пісаў пра народнага заступніка Т.Касцюшку, прыкладам генерала заклікаў да яднання і змагання.
Стварэнне мастацкіх твораў у свеце і Беларусі працягваецца і ў нашыя дні. Некалькі карцін на касцюшкаўскую тэматыку напісаў сучасны мастак С.Казак (Брэст), а шэраг скульптурных работ належыць архітэктару А.Шатэрніку (Мінск). Народным тэатрам горада Івацэвічы пастаўлена п'еса "Нарадзіўся я ліцвінам" па сцэнарыю пісьменніцы З.Дудзюк, якая паклала пачатак стварэнню сцэнічнага вобраза Т.Касцюшкі на яго радзіме.

Навiны

  • 2018 - год Малой Радзімы

     
  • Помнік генералу Тадэвушу Касцюшку

     

     Помнік генералу Тадэвушу Касцюшку   

     

    Вялікаму сыну беларускай зямлі, нацыянальнаму Герою Польшчы і ЗША,

    ганароваму грамадзяніну Францыі

    Урачыстасць адбылася

    12.05.2018 г. а 12.00 г.

    у ДУК "Мемарыяльный музей-сядзіба ім. Т. Касцюшкі" (г.Косава, уроч. Марачоўшчына, Івацэвіцкі р-н).

     

     

     

     
  • Навіны 1

    80164534284
     
     
2017 Мемориальный музей-усадьба имени Т. Костюшко